Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/134

Гэта старонка не была вычытаная

РАСКАЗЫ З ФІЗЫКІ

МАГНІТ

І

У старадаўнасьці быў пастух, звалі яго Магніс. Загінула ў Магніса авечка. Ён пайшоў у горы шукаць. Прыйшоў на адно месца, дзе адны голыя каменьні. Ён пайшоў па гэтых каменьнях і чуе, што боты на ім прыліпаюць да гэтых каменьняў. Ён памацаў рукою — каменьні сухія і да рук ня ліпнуць. Пайшоў ізноў — ізноў боты прыліпаюць. Ён сеў, разуўся, узяў бот у руку і пачаў мацаць ім каменьні.

Датыкае скураю і падошваю, не прыліпае, а як даткне цьвікамі, дык прыліпае.

Была ў Магніса палка з жалезнаю рэхваю.

Ён даткнуўся да каменя дзеравам — не прыліпае; дакрануўся жалезам — прыліпла так, што адрываць трэба.

Магніc разглядзеў камень, бачыць, што падобны да жалеза, і прынёс кавалкі каменя дамоў. З таго часу пазналі гэты камень і празвалі яго магнітам.