Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/151

Гэта старонка не была вычытаная

Паглядзі летам: рэкі бягуць, шумяць; у кожнай лужынцы жабы крычаць, бубулькаюць; птушкі пералётваюць, сьвішчуць, пяюць; мухі, камары круцяцца, зьвіняць; дрэвы, травы растуць, гойдаюцца.

Замарозь чугун з вадою — ён скамянее. Пастаў замарожаны чугун на агонь: пачне лёд калоцца, растапляцца, паварухвацца; пачне вада гойдацца, булбаткі пушчаць, пасьля, як пачне кіпець, загудзе, закруціцца. Тое самае робіцца і на сьвеце ад цяплыні. Няма цяплыні — усё мёртвае; ёсьць цяплыня — усё варушыцца і жыве. Мала цяплыні — мала руху, больш цяплыні — больш руху, шмат цяплыні — і вельмі шмат руху.

Адкуль бярэцца цяплыня на сьвеце? — Цяплыня ад сонца.

Ходзіць сонца нізка зімою, бокам, ня ўпірае косамі ў зямлю — і нішто не варушыцца. Пачне сонейка хадзіць вышэй над галовамі, пачне сьвяціць у прыпор да зямлі — адагрэецца ўсё на сьвеце і пачне варушыцца.

Пачне сьнег сьсядацца, пачне аддуваць лёд на рэках, пальецца вада з гораў, паднімецца пара з вады ў вобалакі — пайдзе дождж. Хто ўсё гэта зробіць? — Сонца. Адтануць семячкі, выпусьцяць расткі, зачэпяцца расткі за зямлю, з старых карэньняў пайдуць атожылкі, пачнуць расьці дрэвы і травы. Хто гэта зрабіў? — Сонца.

Устануць медзьвядзі, краты, прачхнуцца мухі, пчолы, вывядуцца камары, вывядуцца рыбы з яечак на цяплыні. Хто ўсё гэта зрабіў? — Сонца.