Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/156

Гэта старонка не была вычытаная

піск саняў, то галасы мужыкоў, то трэскат ваўка па лесе і пачынае ад страху кідацца з боку ў бок. Прабяжыць уперад, спалохаецца чаго-нібудзь і пабяжыць назад сваім сьледам. Яшчэ пачуе што-нібудзь і з усяго размаху дзыгне ў бок і прабяжыць проч ад ранейшага сьледу. Ізноў стукне што-нібудзь, ізноў заяц павернецца назад і ізноў пабяжыць у бок. Калі зробіцца відна, ён ляжа.

Назаўтра паляўнічыя пачынаюць разьбіраць заячы сьлед, блутаюцца па двайных сьлядох і далёкіх скачкох і дзівяцца з хітрасьці зайца. А заяц і ня думаў хітрыць. Ён толькі усяго баіцца.

НЮХ

Чалавек бачыць вачыма, чуе вушыма, нюхае носам, каштуе языком і шчупае пальцамі. У аднаго чалавека лепш бачаць вочы, у другога горш. Адзін чуе здалёк, а другі глухі. У аднаго нюх мацнейшы, і ён чуе, чым пахне, здалёк, а другі і нюхае гнілое яйко, а ня чуе. Адзін вобмацкам пазнае кожную рэч, а другі нічога навошчуп не пазнае, не разьбярэ дзерава ад паперы. Адзін ледзь вазьме ў рот, чуе, што соладка, а другі праглыне і не разьбярэ, горка ці салодка.

Гэтак і ў зьвяроў розных розныя пачуцьці мацнейшыя. Але ў усіх зьвяроў нюх мацнейшы, як у чалавека.

Чалавек, калі захоча пазнаць рэч, паглядзіць яе, паслухае, як яна шуміць, іншы раз панюхае і пакаштуе, але чалавеку, дзеля таго, каб пазнаць рэч, патрэбней за ўсё яе пашчупаць.