Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/170

Гэта старонка не была вычытаная

Мы сьсяклі яе і пайшлі далей. Далей, у другім гушчары расла другая гэткая самая чаромха, нават яшчэ таўсьцейшая. Я аглядзеў яе корань і знайшоў, што яна расла пад старою ліпаю. Ліпа сваімі сукамі заглушала яе, і чаромха выцягнулася аршынаў на пяць проста па зямлі, а калі выбралася на сьвятло, дык падняла галаву і пачала цьвісьці. Я сьсёк яе ў карані і падзівіўся з таго, якая яна была сьвежая і як гнілы быў корань. Калі я сьсёк яе, мы з мужыкамі пачалі яе адцягваць, але колькі мы ні цягнулі, не маглі яе зрухнуць, яна як быццам прыліпла. Я сказаў: „паглядзі, ці не зачапілі дзе.“ Работнік палез пад яе і закрычаў: „Ды ў яе другі корань, вось на сьцежцы!“ Я падыйшоў да яго і ўбачыў, што гэта была праўда.

Чаромха, каб яе ня глушыла ліпа, перайшла, з-пад ліпы на сьцежку, за тры аршыны ад ранейшага караня. Той корань, што я сьсёк, быў гнілы і сухі, а новы быў сьвежы. Яна пачула мусі, што ёй ня жыць пад ліпаю, выцягнулася, учапілася сучком за зямлю, зрабіла з сучка корань, а той корань кінула. Тады толькі я зразумеў, як вырасла тая першая чаромха на дарозе. Яна гэтак сама мусі рабіла, але не пасьпела ўжо зусім адкінуць старога караня, так што я не знайшоў яго.