Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

КРУК і ЛІСІЦА.

Крук дабыў кавалак мяса і сеў на дзерава. Захацелася Лісіцы мяска. Яна падыйшла і кажа:

„Эх, Крук, як пагляджу я на цябе, па тваім росьце ды красе, дык табе толькі царом быць! І пэўна быў-бы царом, калі-б толькі ў цябе голас быў.“

Крук разявіў рот і зароў, як толькі мог. Мяса ўпала. Лісіца, падхапіла яго і кажа:

„Эх, Крук, калі-б у цябе яшчэ і розум быў, дык быў-бы ты царом.“

ГАЛАВА і ХВОСТ ЗЬМЯІ.

Зьмяіны хвост паспрачаўся з Зьмяінаю Галавою аб тым, каму хадзіць наперадзе. Галава сказала: „ты ня можаш хадзіць перадам — у цябе няма вачэй і вушэй.“ А хвост сказаў: „а затое ўва мне сіла: я цябе рухаю; калі захачу ды абкручуся вакол дзерава, дык ты з месца не кранешся.“ Галава сказала: „разыйдземся.“

І Хвост адарваўся ад Галавы і папоўз уперад. Але толькі што ён адпоўз ад Галавы, папаў у шчыліну і заваліўся.

ТОНКІЯ НІТКІ.

Адзін чалавек заказаў кудзельніцы тонкія ніткі. Кудзельніца спрала тонкія ніткі, але чалавек сказаў, што ніткі нядобрыя і што яму патрэбны ніткі найтанчэйшыя. Кудзельніца сказала: „калі табе гэтыя нятонкія, дык вось табе другія,“ і яна паказала на пустое месца. Ён сказаў, што ня бачыць. Кудзельніца сказала: