Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/30

Гэта старонка не была вычытаная

САКОЛ і ПЯТУХ.

Сакол прывык да гаспадара і хадзіў на руку, калі яго клікалі; Пятух уцякаў ад гаспадара і крычаў, калі да яго падходзілі. Сакол і кажа Пятуху:

„У вас, пятухох, няма ўдзячнасьці: відаць халопская парода. Вы толькі, калі галодныя, дык ідзеце да гаспадароў. Ці тое мы, дзікая, птушка: у нас і сілы шмат, і лятаць мы можам быстрэй за ўсіх, а мы не ўцякаем ад людзей, а самі яшчэ ходзім да іх на руку, калі нас клічуць. Мы помнім, што яны кормяць нас.“

Пятух і кажа:

„Вы не ўцякаеце ад людзей таму, што ніколі ня бачылі смажанага сакала, а мы часта-густа бачым смажаныя пятухі.“

ШАКАЛЬ і СЛОНЬ.

Шакалі паелі ўсю падліну ў лесе і ім ня было ўжо чаго есьці. Вось стары Шакаль і прыдумаў, як ім пракарміцца. Пайшоў ён да Сланя і кажа:

„Быў у нас цар, ды спанеў: загадаў нам рабіць гэткія справы, якіх нельга выпаўніць; хочам мы іншага цара выбраць, — і паслаў мяне наш народ прасіць цябе за цара. У нас жыцьцё добрае, — што загадаеш, усё мы будзем рабіць і шанаваць цябе ўва ўсім будзем. Хадзем у нашае царства“.

Слонь згадзіўся і пайшоў за Шакалем. Шакаль прывёў яго ў балота. Калі Слонь заграз, Шакаль і кажа:

„Цяпер загадвай: што загадаеш, тое і будзем рабіць.“