Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

Змяя сказала: „не, ліха не ад голаду і не ад каханьня, а ліха ад злосьці. Калі-б жылі мы ціха, не злавалі, — дык нам усё добра, было-б. А то як зробіцца што-нібудзь не па табе, раззлуешся, тады ўжо нішто няміла. Толькі і думаеш, як злосьць сваю на кім спагнаць. Тут ужо сама сябе ня помніш, толькі сычыш ды поўзаеш, шукаеш, каго-б тут укусіць. Ужо нічога не шкадуеш, бацьку і матку закусаеш. Сама сябе, здаецца, зьела-б. І датуль злуеш, пакуль сама сябе загубіш. Усё ліха на сьвеце ад злосьці.“

Алень сказаў: „не, не ад злосьці, і не ад каханьня, і не ад голаду ўсё ліха на сьвеце, а ліха ад страху. Калі-б можна было не баяцца, дык усё было б добра. Ногі ў нас рэзвыя, сілы шмат. Ад маленькага зьвяра рагамі адаб‘ешся, ад вялікага ўцячэш. Але нельга не баяцца. Толькі хрусьні ў лесе галінка, зашарахці лісьцьцё, дык увесь і затрасешся ад страху, застукаціць сэрца, быццам выскачыць хоча, і ляціш з усяе сілы. Іншы раз заяц прабяжыць, птушка затрапешчацца або сухая галіна абламаецца, а ты думаеш — зьвер, дый набяжыш на зьвяра. А то ўцякаеш ад сабакі, набяжыш на чалавека. Часта спалохаешся і бяжыш, сам ня ведаеш куды, і з размаху абарвешся пад кручу і заб‘ешся. І сьпіш дык адным вокам, усё слухаеш і баішся. Няма спакою. Усё ліха, ад страху.“

Тады пустыньнік сказаў:

„Не ад голаду, не ад каханьня, не ад злосьці, не ад страху ўсе нашыя мукі, а ад нашага цела ўсё ліха на сьвеце. Ад яго і голад, і каханьне, і злосьць і страх“.