Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/47

Гэта старонка не была вычытаная

і забыла аб дзецях, выскачыла і пабегла на падворак па народ. Марыцька тым часам сядзела пад лаўкай і маўчала, толькі маленькі хлопчык крычаў, таму што балюча разьбіў сабе нос. Янка пачуў яго крык, паглядзеў пад лаўку і закрычаў Марыльцы: „уцякай, згарыш!“ Марылька пабегла ў прымен, але ад дыму і ад агню нельга было прайсьці. Яна вярнулася назад. Тады Янка падняў вакно і загадаў ёй лезьці. Калі яна пралезла, Янка схапіў брата і пацягнуў яго. Але хлопчык быў цяжкі і не даваўся брату. Ён плакаў і піхаў Янку. Янка два разы ўпаў, пакуль дацягнуў яго да вакна; дзьверы ў хаце ўжо загарэліся. Янка прасунуў хлопчыкаву галаву ў вакно і хацеў прапіхнуць яго; але хлопчык (ён вельмі спалохаўся) ухапіўся ручкамі і ня пушчаў іх. Тады Янка закрычаў Марыльцы: „цягні яго за галаву!“ а сам папіхаў ззаду. І гэтак яны выцягнулі яго праз вакно на вуліцу.

СТАРЫ КОНЬ.

У нас быў стары дзед, Пімен Цімахвеіч, яму было 90 гадоў. Ён жыў у свайго ўнука без работы. Плечы ў яго былі сагнутыя: ён хадзіў з палкаю і паціху пасоўваў ногі. Зубоў у яго зусім ня было, твар быў зморшчаны. Ніжняя губа яго дрыжала; калі ён хадзіў і гаварыў, ён шлёпаў зубамі, і нельга было зразумець, што ён кажа.

Нас было чатыры браты, і ўсе мы любілі езьдзіць конна. Але спакойных коняй у нас для язды ня было. Толькі на адным старым кані нам пазвалялі езьдзіць; гэтага каня звалі Варанок.