Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/48

Гэта старонка не была вычытаная

Аднаго разу мама пазволіла нам езьдзіць конна, і мы ўсе пайшлі ў стайню з дзядзькаю. Фурман асядлаў нам Варанка, і першым паехаў старшы брат. Ён доўга езьдзіў; езьдзіў на гумно і вакол саду, і калі ён пад‘яжджаў назад, мы закрычалі: „ну, цяпер мацней!“

Старшы брат пачаў біць Варанка нагамі і дубцом, і Варанок прабег каля нас.

Пасьля старшага брата, сеў другі брат. І ён езьдзіў доўга, і таксама дубцом разагнаў Варанка і праехаў шпарка з-пад гары. Ён яшчэ хацеў езьдзіць, але трэці брат прасіў, каб ён хутчэй пусьціў яго. Трэці брат праехаў на гумно, і вакол саду, ды яшчэ і па вёсцы, і шыбка праляцеў з-пад гары да стайні. Калі ён пад‘ехаў да нас, дык Варанок соп, а шыя й лапаткі пачарнелі ў яго ад поту.

Калі прыйшла мая чарга, дык я хацеў зьдзівіць братоў і паказаць ім, як я добра ежджу, — пачаў паганяць Варанка з усяе сілы, але Варанок не хацеў ісьці ад стайні. І колькі я ні лупцаваў яго, ён не хацеў бегчы, а толькі трусіў і ўсё заварочваў назад. Я злаваў на каня, з усяе сілы біў яго дубцом і нагамі. Я стараўся біць яго па тых месцах, дзе яму больш балела, зламаў дубец, і рэштаю дубца пачаў біць па галаве. Але Варанок усё не хацеў бегчы. Тады я пакіраваў назад, пад‘ехаў да дзядзькі і папрасіў дубчыка мацнейшага. Але дзядзька сказаў мне:

— Годзі вам езьдзіць, панічок, злазьце. Нашто каня мучыць!

Я скрыўдзіўся і сказаў:

— Як-жа, я зусім ня езьдзіў! Паглядзі, як я зараз праеду. Дай, калі ласка, мне дубец мацнейшы. Я яго расьпяку.