Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/58

Гэта старонка не была вычытаная

фазанаў. Фазаны раненька кормяцца на палянках. Іншы раз цэлы вывадак — квактуха з куранятамі, іншы раз пятух з курыцаю, іншы раз некалькі пятухоў разам. Фазаны ня бачаць чалавека, а не баяцца парусіны і падпушчаюць да сябе блізка. Тады паляўнічы ставіць кабылку, высоўвае стрэльбу ў дзірку і страляе паводле выбару.

З падсаду палююць вось як: пусьцяць надворнага сабачку ў лес і ходзяць за ім. Калі сабака знайдзе фазана, дык ён кінецца за ім. Фазан заляціць на дзерава, і тады сабачка пачынае на яго брахаць. Паляўнічы падходзіць на брэх і страляе да фазана на дзераве. Палываньне гэтае было-б лёгкае, каб фазан сядаў на дзераве на чыстым месцы ды сядзеў проста на дзераве, так што яго было-б відаць. Але фазаны сядаюць заўсёды на густыя дзеравякі, у гушчары і як пабачаць паляўнічага, дык хаваюцца ў сучкох. І бывае трудна пралезьці ў гушчары да дзерава, дзе сядзіць фазан, і цяжка разглядзець яго. Калі сабака адзін брэша на фазана, дых ён не баіцца яго: сядзіць на сучку ды яшчэ пятушыцца на яго і лапаціць крыльлямі. Але як толькі ён убачыць чалавека, дык зараз-жа, выцягваецца на сучку, так што толькі прывычны паляўнічы адрозьніць яго, а няпрывычны будзе стаяць каля самага яго і нічога ня ўбачыць.

Калі казакі падкрадваюцца да фазанаў, дык яны насоўваюць шапку на свой твар і не глядзяць угару, таму што фазан баіцца чалавека з стрэльбаю, а больш за ўсё баіцца яго вачэй.