Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/60

Гэта старонка не была вычытаная

у яго благі, і ён ня мог знайсьці сьледу адзін, а пазіраў на Мільтона і бег туды, куды йшоў Мільтон. Толькі што Мільтон кранецца сьледам, Булька забяжыць наперад. Я адклікаў Бульку, біў, але нічога ня мог з ім зрабіць. Як толькі Мільтон пачынаў шукаць, дык ён кідаўся наперад і перашкаджаў яму. Я хацеў ужо ісьці дамоў, таму што думаў, што паляваньне маё папсована, але Мільтон лепш за мяне прыдумаў, як ашукаць Бульку. Ён вось што зрабіў: як толькі Булька забяжыць яму наперад, Мільтон кіне сьлед, скіруецца ў іншы бок і прыкінецца, што ён шукае. Булька кінецца туды, куды паказаў Мільтон, а Мільтон аглянецца на мяне, махне хвастом і пайдзе ізноў запраўдным сьледам. Булька ізноў прыбягае да Мільтона, забягае наперад, ды ізноў Мільтон сумысьля зробіць шагоў дзесяць у бок, ашукае Бульку і зноў павядзе мяне проста, так што ўсё паляваньне ён ашукваў Бульку і ня даў яму папсаваць справы.

ЧАРАПАХА.

Аднаго разу я пайшоў з Мільтонам на паляваньне. Каля лесу ён пачаў шукаць, выцягваць хвост, падняў вушы і пачаў прынюхвацца. Я нарыхтаваў стрэльбу і пайшоў за ім. Я думаў, што ён шукае курапаткі, фазана ці зайца. Але Мільтон не пайшоў у лес, а ў поле, Я йшоў за ім і глядзеў уперад. Раптам я ўбачыў тое, чаго ён шукаў. Наперадзе перад ім бегла невялікая чарапаха, велічынёю з шапку. Голая, цёмна-шэрая галава на доўгай шыі была выцягнена, як таўкачык; чарапаха шырока перабірала го-