Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/65

Гэта старонка не была вычытаная

белыя, як цукер. Адна вялікая гара Эльбрус, як цукровая белая галава, паказваецца зусюль, калі ясная пагода. На гарачыя крыніцы прыяжджаюць лячыцца, і над крыніцамі зроблены альтанкі, паветкі, вакол разьбіты сады і сьцежкі. Раніцамі іграе музыка, і народ п‘е ваду або купаецца і спацыруе.

Самы горад стаіць на гарэ, а пад гарою ёсьць слабада. Я жыў у гэтай слабадзе ў маленькай хатцы. Хатка стаяла на падворку і перад вокнамі быў садочак, а ў садзе стаялі гаспадарскія пчолы — не ў калодах, а ў круглых пляцёнках. Пчолы там гэткія спакойныя, што я заўсёды раніцамі з Булькаю сядзеў у гэтым садочку паміж вульлёў.

Булька хадзіў паміж вульлёў, дзівіўся з пчолаў, слухаў, як яны гудуць, але гэтак асьцярожна хадзіў каля іх, што не перашкаджаў ім і яны яго не чапалі.

Аднаго разу раніцай я вярнуўся дамоў з водаў і сеў піць каву ў садочку. Булька пачаў часаць сабе за вушмі і грымець нашыйнікам. Шум трывожыў пчолы, і я зьняў з Булькі нашыйнік. Крыху пачакаўшы я пачуў з гораду з гары дзіўны і страшны шум. Сабакі брахалі, вылі, пішчалі, людзі крычалі, і шум гэты спушчаўся з гары і падходзіў усё бліжэй і бліжэй да нашае слабады. Булька пакінуў часацца, паклаў сваю шырокую галаву з белымі зубамі паміж пярэднімі белымі лапкамі, паклаў і язык, як яму трэ‘ было, і спакойна ляжаў каля мяне. Калі ён пачуў шум, ёй як быццам зразумеў, што гэта такое, наставіў вушы, вышчарыў зубы, устаў і пачаў гурчаць. Шум збліжаўся. Быццам