Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

сабакі з усяго горада вылі, пішчалі і брахалі. Я выйшаў да варот паглядзець, і гаспадыня мае хаты падыйшла таксама, Я спытаўся: „што гэта такое?“ Яна сказала: „гэта калоднікі з вастрогу ходзяць, сабакі б‘юць. Развялося шмат сабак, і гарадзкое начальства загадала біць усе сабакі па месьце“.

— Як, і Бульку заб‘юць калі пападзецца?

— Не, у нашыйніках ня кажуць біць.

У той сам час, як я гаварыў, калоднікі ужо падыйшлі да нашага падворку.

Наперадзе ішлі салдаты, ззаду чатыры калоднікі ў ланцугох. У двух калоднікаў у руках былі доўгія жалезныя крукі і ў двух кіі. Перад нашымі варотамі адзін калоднік кручком зачапіў дворнага сабачку, прыцягнуў яго на сярэдзіну вуліцы, а другі калоднік пачаў біць яго калом. Сабачка пішчаў страшэнна, а калоднікі крычалі штось і сьмяяліся. Калоднік з кручком перакуліў сабачку, і калі ўбачыў, што ён здох, ён выняў кручок і пачаў аглядацца, ці няма яшчэ сабакі.

У гэты час Булька стрымгалоў, як ёй кідаўса на медзвядзя, кінуўся на гэтага калодніка. Я ўспомніў, што ён без нашыйніка, і закрычаў: „Булька, назад!“ і крычаў калоднікам каб яны ня білі Булькі. Але калоднік убачыў Бульку, зарагатаў і кручком спрытна ўдарыў Бульку і зачапіў яго за ляшку. Булька кінуўся проч, але калоднік цягнуў да сябе і крычаў другому: „бі!“ Другі замахнуўся калом і Булька быўбы забіты, але ён рвануўся, скура прарвалася на кульшы, і ён спусьціўшы хвост, з чырвонаю ранаю на назе, стрымгалоў уляцеў у хату, і залез пад маю пасьцель.