Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/73

Гэта старонка не была вычытаная

просьбу цару, але што просьба не дайшла. Аксёнаў нічога не сказаў і толькі спусьціў вочы. Тады жонка сказала:

— Не дарма я тады, помніш, cьніла, што ты сівым зрабіўся. Вось ужо і дапраўды ты з гора пасівеў. Лепш было-б ня ехаць табе тады.

І яна пачала перабіраць яго валасы і сказала:

— Яначка, мілы, жонцы скажы праўду, ня ты зрабіў гэта?

Аксёнаў сказаў: „і ты падумала на мяне!“ Затуліўся рукамі і заплакаў. Пасьля прыйшоў салдат і сказаў, што жонцы з дзяцьмі трэба выходзіць. І Аксёнаў апошні раз разьвітаўся з дружынаю.

Калі жонка пайшла, Аксёнаў пачаў успамінаць, што гаварылі. Калі ён успомніў, што жонка таксама падумала на яго і пыталася ў яго, ці ён гэта забіў купца, ён сказаў сабе: „мусі, апрача Бога, ніхто ня можа ведаць праўды, і толькі яго трэба прасіць і ад Яго толькі чакаць літасьці“. І з таго часу Аксёнаў кінуў падаваць прашэньні, кінуў спадзявацца і толькі маліўся Богу.

Аксёнава засудзілі пакараць бізуном і саслаць у катаргу. Гэтак і зрабілі.

Яго высьцебалі бізуном і пасьля, калі ад бізуна раны загаіліся, яго пагналі з іншымі катаржнікамі ў Сыбір.

У Сыбіры на катарзе, Аксёнаў жыў 26 гадоў. Валасы ў яго на галаве зрабіліся белыя, як сьнег, а барада адрасла доўгая, вузкая і сівая. Уся вясёласьць яго прапала. Ён згорбіўся, пачаў хадзіць ціха, гаварыў мала, ніколі не сьмяяўся і часта маліўся Богу.