Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

У вастрозе Аксёнаў навучыўся шыць боты і на запрацованыя грошы купіў Чэтьі-Мінэі і чытаў іх, калі было сьвятло ў вастрозе, а сьвятамі хадзіў у вастрожную цэркву, чытаў Апостала і пяяў на клірасе; голас у яго ўсё яшчэ быў добры. Начальства любіла Аксёнава, за яго ціхамірнасьць, а таварышы вастрожныя шанавалі яго і называлі „дзедам“ і „добрым чалавекам“. Калі бывалі просьбы па вастрозе, дык таварышы заўсёды Аксёнава пасылалі прасіць иачальства, і калі паміж катаржнікаў былі сваркі, дык яны заўсёды да Аксёнава прыходзілі судзіцца.

З хаты ніхто ня пісаў пісьмаў Аксёнаваму, і ён ня ведаў, ці жыве яго жонка і дзеці.

Прывялі раз на катаргу новых калоднікаў. Увечары ўсе старыя калоднікі сабраліся вакол новых і пачалі ў іх распытвацца, хто з якога места ці вёскі і хто за якія справы. Аксёнаў таксама падсеў на нары каля новых і, спусьціўшы вочы, слухаў, хто што расказваў.

Адзін з новых калоднікаў быў высокі здаровы дзед, гадоў 60-х, з сіваю стрыжанаю барадою. Ён расказваў, за што яго ўзялі. Ён казаў:

— Так, браточкі, ні за што сюды папаў. У хурмана каня адвязаў ад саней. Злавілі, кажуць: украў. А я кажу: я толькі даехаць хутчэй хацеў, — я каня пусьціў. Дый хурман мне прыяцель. Парадак, я кажу. Не, кажуць, украў. А таго ня ведаюць, што і дзе ўкраў. Былі справы, даўно трэ‘ было сюды папасьць, але не маглі даказаць, а цяпер не па законе сюды загналі. Ды лжэш, — быў у Сыбіры ды нядаўна гасьціў...

— А ты адкуль будзеш? — спытаўся адзін з калоднікаў.

— А мы з места Уладзімера, тамтэйшыя