Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/75

Гэта старонка не была вычытаная

мяшчане. Завуць Макаром, а падвышаюць Сымонавічам.

Аксёнаў падняў галаву і спытаўся:

— А што, ня чуў ты, Сымонавіч, ува Уладзімеры месьце пра Аксёнавых купцоў? Ці жывыя?

— Як ня чуць! Багатыя купцы, дарма што бацька ў Сыбіры. Гэткі самы, мусі, як і мы грэшныя. А ты сам, дзеду, за якія справы?

Аксёнаў ня любіў гаварыць аб сваім няшчасьці; ён уздыхнуў і сказаў:

— За грахі свае 26-ты год знаходжуся ў катаржнай рабоце.

Макар Сымонаў сказаў:

— А за якія-ж гэткія грахі?

Аксёнаў сказаў: „значыцца, варт быў таго“, і не хацеў болей расказваць; але іншыя вастрожныя таварышы расказалі новаму, як Аксёнаў папаў у Сыбір. Яны расказалі, як на дарозе нехта забіў купца і падсунуў Аксёнаваму ножык і як за гэта яго дарэмна засудзілі.

Калі Макар Сымонаў пачуў гэта, дык ён зірнуў на Аксёнава, ляснуў сябе рукамі па каленах і сказаў:

— Ну, цуд! Вось дык цуд! Пастарэў-жа ж ты, дзеду!

У яго пачалі пытацца, чаго ён зьдзівіўся і дзе ён бачыў Аксёнавага, але Макар Сымонаў не адказаў, ён толькі сказаў:

— Цуды, хлопцы, дзе ўбачыцца давялося!

І з гэтых словаў прыйшло Аксёнаваму на думку, што ці ня ведае гэты чалавек пра тое, хто забіў купца. Ён сказаў:

— Ці ты чуў, Сымонавіч, раней пра гэту справу, або бачыў мяне раней?

— Як ня чуць! Зямля чуткай поўніцца. Ды