Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/76

Гэта старонка не была вычытаная

даўно ўжо справа была: што і чуў, дык забыў, — сказаў Макар Сымонавіч.

— Мо‘ чуў, хто купца забіў? — спытаўся Аксёнаў.

Макар Сымонаў засьмяяўся і сказаў:

— Ды мусі той забіў, у каго ножык у мяшку знайшоўся. Калі хто і падсунуў табе ножык, ня злоўлены — ня злодзей. Дый як-жа ж табе ножык у мяшок сунуць? Гэта-ж ён у цябе каля галавы стаяў. Ты пачуў-бы.

Як толькі Аксёнаў пачуў гэтыя словы, дык ён падумаў, што гэты самы чалавек забіў купца. Ён устаў і адыйшоў проч. Усю гэту ноч Аксёнаў ня мог заснуць. Найшоў на яго сум і пачало яму здавацца: то здавалася яму жонка такою, якою яна была, калі праводзіла яго апошні раз на кірмаш. Так і бачыў ён яе, як жывую, і бачыў яе вочы і твар, і чуў, як яна казала яму і сьмяялася. Пасьля здаваліся яму дзеці, гэткія, якія яны былі тады — маленечкія, адзін у кажушку, другі каля грудзей. І сябе ён успамінаў, якім ён сядзеў на ганачку на заезным двары, дзе яго ўзялі, і граў на гітары, і як у яго душы весела было тады. І ўспомніў лобнае месца, дзе яго білі, і ката, і народ навакола, і ланцугі, і калоднікаў, і ўсе 26-гадовае вастрожнае жыцьцё, і сваю старасьць успомніў. І гэткі сум найшоў на Аксёнава, што хоць рукі на сябе налажыць...

„І ўсё ад таго злыдня!..“ думаў Аксёнаў.

І на яго найшла гэткая злосьць па Макара Сымонавага, што хоць самому прапасьці, а, хацелася ад‘імсьціць яму. Ён гаварыў малітвы цэлую ноч, але ня мог супакоіцца. Удзень ён не падходзіў да Макара Сымонавага і не глядзеў на яго.