Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

ЛЕЎ і МЫШ.

Леў спаў. Мыш прабегла па яго целе. Ён прачхнуўся і злавіў яе. Мыш пачала прасіцца; яна сказала: „Пусьціш, і я над табою зьлітуюся“. Леў засьмяяўся, што Мыш дакляруе яму ласку, і пусьціў яе.

Пасьля паляўнічыя злавілі Льва і прывязалі вяроўкай да дзерава. Мыш пачула як раве Леў, прыбегла, перагрызла вяроўку і сказала: „Помніш, ты сьмяяўся — ня думаў, каб ад мяне прышла адплата, а, цяпер бачыш — жыве і ад Мышы ласка“.

МАХЛЯР.

Хлопчык пільнаваў оўцы і, быццам убачыўшы ваўка, пачаў клікаць: „памажэце — воўк, воўк!“ Мужыкі прыбеглі і бачаць: няпраўда. Як зрабіў ён гэтак і два і тры разы, здарылася — запраўды наляцеў воўк. Хлопчык пачаў крычаць: „сюды, сюды, хутчэй — воўк!“ Мужыкі падумалі, што ізноў пазаўсёднаму ашуквае — не паслухалі яго. Воўк бачыць, баяцца няма чаго: на прасторы перадушыў усю стаду.

АСЁЛ і КОНЬ.

У аднаго чалавека былі — Асёл і Конь. Ішлі яны па дарозе. Асёл сказаў каню: „мне цяжка, не дацягну я ўсяго; вазьмі з мяне хоць крышку“. Конь не паслухаў. Асёл упаў ад натугі і памёр. Гаспадар як наклаў усё з Асла на Каня, дый яшчэ і скуру аслову, дык Конь і загудзеў: „ох, гора мне беднаму, горанька мне няшчаснаму. Не хацеў я крыху яму памагчы — цяпер вось усё цягну, ды яшчэ і скуру“.