Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/81

Гэта старонка не была вычытаная

спачатку на віду ад сьледу, буйным лесам; а пасьля, як пайшоў сьлед у дробны ельнік, дык Дзям‘ян супыніўся: „Трэба, — кажа, — кідаць сьлед. Мусі тут ляжа. Прысядаць пачаў, — на сьнягу відаць. Пойдзем проч ад сьнегу і круг дамо. Толькі цішэй ісьці трэба, ня крычаць, ня кашляць, а то спалохаеш.“

Пайшлі мы проч ад сьледу, улева. Прайшлі шагоў з пяцьсот, глядзімо — сьлед мядзьведзяў ізноў перад намі. Пайшлі мы ізноў сьледам, і вывеў нас гэты сьлед на дарогу. Спыніліся мы на дарозе і пачалі разглядаць, у які бок пайшоў мядзьведзь. Дзе-ня-дзе на дарозе відаць было, як усю лапу з пальцамі адпячатваў мядзьведзь, а дзе-ня-дзе — як у пасталох мужык ступаў па дарозе. Відаць, што пайшоў ён да вёскі.

Пайшлі мы па дарозе. Дзям‘ян і кажа: „цяпер глядзець няма чаго на дарогу; дзе зыйдзе з дарогі ўправа ці ўлева, відаць будзе ў сьнягу. Дзе-нібудзь зьверне, не пайдзе-ж у вёску“.

Прайшлі мы гэтак па дарозе з вярсту; бачым — наперадзе сьлед з дарогі. Паглядзелі — што за цуд! сьлед мядзьведзяў, але не з дарогі ў лес, а з лесу на дарогу ідзе, пальцамі да дарогі. Я кажу: „гэта другі мядзьведзь“. Дзям‘ян паглядзеў, падумаў. „Не, — кажа, — гэта той самы, толькі ашукваць пачаў. Ён задам з дарогі зыйшоў.“ Пайшлі мы сьледам — так і ёсьць. Відаць, мядзьведзь прайшоў з дарогі шагоў з дзесяць задам, зайшоў за хвойку, павярнуўся і пайшоў проста. Дзям‘ян затрымаўся і кажа: „цяпер, напэўна, абайдзем. Больш яму і легчы няма дзе, як у гэтым балоце. Пайшлі ў абход.“

Пайшлі мы ў абход густым ельнікам. Я ўжо змарыўся, дый цяжай зрабілася ехаць. То на куст ялаўцовы наедзеш, зачэпіш, то паміж ног