Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

мяне ідзе. Направа ад мяне густы ельнік, а на канцы ельніку палянка. І на гэтай палянцы, бачу я, што Дзям‘ян ставіць таварыша.

Аглядзеў я свае стрэльбы, узьвёў куркі і пачаў раздумваць, дзе-б тут мне лепей стаць. Ззаду ў мяне, за тры шагі, вялікая хвоя. Давай стану калі хвойкі і стрэльбу другую да яе прысланю. Палез я да хвойкі, праваліўся вышэй каленаў, абтаптаў каля хвойкі пляцык аршына ў паўтара і на ім уладзіўся. Адну стрэльбу ўзяў у рукі, а другую з узьведзенымі куркамі прысланіў да хвойкі. Кінджал я выняў і ўлажыў, каб ведаць, што ў выпадку патрэбы ён лёгка вымаецца.

Толькі я ўладзіўся, аж чую — крычыць у лесе Дзям‘ян: „пайшоў, у ход пайшоў! пайшоў!“ І як закрычаў Дзям‘ян, дык па кругу закрычалі мужыкі рознымі галасамі: „пайшоў! У-у-у-у!“ — крычалі мужыкі. „Ай! І-іх!“ — крычалі бабы тонкімі галасамі.

Мядзьведзь быў у кругу. Дзям‘ян гнаў яго. Навокала крычаў народ, толькі я ды таварыш стаялі, маўчалі і не варушыліся — чакалі мядзьведзя. Стаю я, гляджу, слухаю, сэрца ў мяне так і стукаціць. Трымаюся за стрэльбу, падрыгваю. Вось-вось, думаю, выскачыць, прыцэлюся, стрэлю, упадзе... Раптам налева чую я ў сьнягу абвальваецца нешта, толькі далёка. Глянуў я ў высокі ельнік: шагоў за 50 за дрэвамі стаіць нешта, чорнае, вялікае. Прылажыўся я і чакаю. Думаю, ці не падбяжыць бліжэй. Гляджу — варухнуў ён вушыма, павярнуўся назад. З боку мне яго ўсяго відаць стала. Здаравяцкі зьвяруга! Нацэліўся я з гарачкі — тах! Чую, ляснула аб дзерава мая куля. Гляджу праз дым — мядзьведзь мой назад смаліць у абклад і схаваўся