Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/86

Гэта старонка не была вычытаная

за лесам. Ну, думаю, прапала мая справа, цяпер ужо не пабяжыць на мяне; або таварышу страляць, або праз мужыкоў пайдзе, а ўжо не на мяне. Стаю я, набіў ізноў стрэльбу і слухаю. Крычаць мужыкі з усіх бакоў, але з правага боку, недалёка ад таварыша, чую — ня толкам крычыць нейкая баба: „Вось ён! Вось ён! Вось ён! Сюды! Сюды! О-ёй! А-яй-яй!“

Мусі — на вачох мядзьведзь. Не чакаю ўжо я да сябе мядзьведзя і гляджу направа на таварыша. Гляджу — Дзям‘ян з палачкай, бяз лыжаў па сьцежачцы бяжыць да таварыша, прысеў каля яго і палкаю паказвае яму на нешта, як быццам цэліцца. Бачу — таварыш падняў стрэльбу, цэліцца туды, куды паказвае Дзям‘ян. Тах! — выпаліў. Ну, думаю, забіў. Толькі гляджу, не бяжыць таварыш за мядзьведзем. Відаць, промах, або блага папаў. Уцячэ, думаю, цяпер мядзьведзь назад, а да мяне ўжо ня выскачыць. Што такое? перад сабою чую раптам — як віхар ляціць нехта, блізенька зусім сыплецца сьнег, і сапе. Паглядзеў я перад сабою, а ён просьценька на мяне па сьцежачцы паміж густога ельніку валіць стрымгалоў, і відаць — ад страху сам сябе ня помніць. Шагоў ад мяне за пяць, увесь мне відны — грудзі чорныя і галава-ж вялізная, з рыжынкаю. Ляціць прасьцюсенька на мяне лобам і сыпле сьнег на ўсе бакі. І бачу я па мядзьведзевых вачох, што ён ня бачыць мяне, а з перапуду валіць благім матам куды папала. Толькі й ход яму проста на хвойку, дзе я стаю. Падняў я стрэльбу, выстраліў, а ўжо ён яшчэ бліжэй. Бачу — не папаў, куля абмінула, а ён і ня чуе, прэ на мяне і ўсё ня бачыць. Прыгнуў я стрэльбу, чуць ня ўпёр у яго, у галаву — тах! Бачу — папаў, а не забіў.