Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/89

Гэта старонка не была вычытаная

Задраў ён крыху галаву, прытуліў вушы, вышчарыўся і проста да мяне. Схапіў я другую стрэльбу; але толькі ўзяўся рукою, ужо ён наляцеў на мяне, зьбіў з ног у сьнег і пераскочыў праз мяне. Ну, думаю, добра, што ён кінуў мяне. Пачаў я ўставаць, чую душыць мяне нешта, ня пушчае. Ён з налёту ня ўтрымаўся, пераскочыў праз мяне, але адвярнуўся перадам назад і наваліўся на мяне ўсімі грудзьмі. Чую я — ляжыць на мне цяжкае, чую цёплае над тварам і чую — забірае ён у рот увесь мой твар, нос ужо ў яго ў роце і чую я — горача і крывёю ад яго пахне. Наваліўся ён лапамі мне на плечы, і не магу я варухнуцца. Толькі падгінаю галаву да грудзей з ляпы, нос і вочы выкручваю. А ён стараецца якраз у вочы і ў нос зачапіць. Чую — зачапіў ён зубамі, верхняю сківіцаю, за лоб пад валасамі, а ніжняю сківіцаю за чэрап пад вачыма, сьціснуў зубы, пачаў душыць. Як нажамі рэжуць мне галаву; бічкуюся я, вырываюся, а ён сьпяшаецца і як сабака грызе — чамкае-чамкае. Я выкручуся, ён ізноў забірае. Ну, думаю канец мой прыйшоў. Чую, раптам палягчэла мне. Гляджу, няма яго, саскочыў ён з мяне і ўцёк.

Калі таварыш і Дзям‘ян убачылі, што мядзьведзь зьбіў мяне ў сьнег і грызе, дык яны кінуліся да мяне. Таварыш хацеў хутчэй пасьпець, але памыліўся: замест таго, каб бегчы пратоптанаю сьцежкаю, ён пабег цаліною і ўпаў. Пакуль ён вылазіў з сьнегу, дык мядзьведзь усё грыз мяне. А Дзям‘ян, як быў бяз стрэльбы, з адною палкаю, пусьціўся па сьцежачцы, сам крычыць: „пана заеў! пана заеў!“ Сам бяжыць і крычыць на мядзьведзя: „ах, ты, баламутны! Што робіш! Кінь, кіны!“