Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

Паслухаў мядзьведзь, кінуў мяне і пабег. Калі я ўстаў, дык на сьнягу крыві было, быццам барана зарэзалі, і над вачыма лахманамі вісела мяса, а з гарачкі не балела.

Прыбег таварыш, сабраўся народ, глядзяць на маю рану, сьнегам прымочваюць. А я і запомніў аб ране, пытаюся: „дзе мядзьведзь, куды ўцёк?“ Раптам чуем: „во ён, во ён!“ Бачым — мядзьведзь бяжыць ізноў да нас. Схапілі мы за стрэльбы, але не пасьпеў ніхто выстраліць — ужо ён праляцеў. Мядзьведзь асьцервянеў, хацелася яму яшчэ пагрызьць, але ўбачыў, што народу шмат, спалохаўся. Па сьлядох мы ўбачылі, што з медзьвядзёвай галавы ідзе кроў; хацелі ісьці даганяць, але ў мяне разбалелася галава, і паехалі ў места да доктара.

Доктар зашыў мне раны шоўкам і яны пачалі гаіцца.

Праз месяц мы паехалі ізноў на гэтага мядзьведзя; але мне не ўдалося дабіць яго. Мядзьведзь ня выходзіў з аблогі, а ўсё хадзіў навокал і роў страшным голасам. Дзям‘ян дабіў яго. У мядзьведзя гэтага маім выстралам была перабіта ніжняя сківіца і выбіты зуб.

Мядзьведзь гэты быў вельмі вялікі і на ім прыгожая чорная скура.

Я зрабіў з яе чучала, і яна ляжыць у мяне ў пакоі. Раны ў мяне на лобе загаіліся, так што толькі чуць-чуць відаць, дзе яны былі.

КАЎКАСКІ ПАЛОНЬНІК.

Служыў на Каўказе афіцэрам адзін пан. Звалі яго Жылін.

Прыйшло да яго раз пісьмо з дому. Піша яму старая маці: „старая я ўжо зрабілася