Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/91

Гэта старонка не была вычытаная

і хочацца перад сьмерцю пабачыць любога сынка. Прыяжджай са мною разьвітацца, пахавай, а там і з Богам едзь назад на службу. А я табе нявестку падшукала: і разумная, і харошая, і двор ёсьць. Палюбіцца табе, мо‘ і ажэнішся і зусім застанешся.“

Жылін і раздумаўся. І запраўды благая ўжо старэнькая зрабілася; мо‘ й не давядзецца ўбачыць. Паехаць, а калі нявеста харошая, — дык і жаніцца можна.

Пайшоў ён да палкоўніка, вырабіў одпуск, разьвітаўся з таварышамі, паставіў сваім салдатам чатыры вядры гарэлкі на разьвітаньне і сабраўся ехаць.

На Каўказе тады вайна была. Па дарогах ні ўдзень, ні ўночы ня было праезду. Ледзь хто з рускіх ад‘едзе, ці адойдзе ад крэпасьці, татары або заб‘юць, або адвядуць у горы. І было заведзена, што два разы ў тыдзень з крэпасьці ў крэпасьць хадзілі праваднікі салдаты. Сьпераду і ззаду ідуць салдаты, а ў сярэдзіне едзе народ.

Справа была летам. Сабраліся чуць сьвет абозы за крэпасьць, выйшлі канвойнікі салдаты і рушылі па дарозе. Жылін ехаў конна, і воз яго з рэчамі ішоў у абозе.

Ехаць было 25 вёрст. Абоз ішоў памалу: то салдаты затрымаюцца, то ў абозе кола ў каго саскочыць ці конь стане, і ўсе стаяць — чакаюць.

Сонца ўжо й за поўдзень перайшло, а абоз толькі палову дарогі прайшоў. Пыл, сьпёка, сонца так і пячэ, і схавацца няма дзе. Голы сьцеп: ні дзераўца, ні кусьціка па дарозе.

Выехаў Жылін наперад, стаў і чакае, пакуль падайдзе да яго абоз. Чуе, ззаду на ражку заігралі — ізноў стаяць. Жылін і падумаў: