Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/92

Гэта старонка не была вычытаная

„а ці не паехаць аднаму, без салдатаў? Конь пада мною добры, — калі і пападуся на татараў, уцяку. Ці мо‘ ня ехаць?“

Спыніўся, раздумвае. І пад‘яжджае на яго на кані другі афіцэр, Кастылін, з стрэльбаю, і кажа:

— Паедзем, Жылін, адны. Сілы няма, есьці хочацца, дый сьпёка. На мне сарочку хоць выкруці.

А Кастылін — мужчына цяжкі, тоўсты, увесь чырвоны, а пот з яго так і цячэ. Падумаў Жылін і кажа:

— А стрэльба набітая?

— Набітая.

— Ну, дык едзьма. Толькі ўгавор — не разьяжджацца.

І паехалі яны наперад дарогаю. Едуць сьцепам, гавораць ды паглядаюць па бакох. Навокал далёка відаць.

Толькі скончыўся сьцеп, увайшла дарога паміж дзьвюх гораў у міжгор‘е, Жылін і кажа:

— Трэба выехаць на гару, паглядзець, а то тут магчыма, выскачаць з гары, і ня ўбачыш.

А Кастылін кажа:

— Што глядзець? Едзьма наперад.

Жылін не паслухаў яго.

— Не, кажа, ты пачакай унізе, а я толькі гляну.

І пусьціў каня налева на гару. Конь пад Жыліным быў ахвотніцкі (ён за яго сто рублёў заплаціў у табуне жарабём і сам выязьдзіў), як на крыльлях узьнёс яго на кручу. Толькі выехаў, — зірк, а перад самым ім, на дзесяціну месца, стаяць татары конна, чалавек трыццаць. Ён убачыў, пачаў назад скіроўваць; і татары яго ўбачылі, пусьціліся да яго, самі наляту