Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/93

Гэта старонка не была вычытаная

выцягваюць стрэльбы з похваў. Прыпусьціў Жылін пад кручу на ўсе конскія ногі, крычыць Кастыліну:

— Вымай стрэльбу! — а сам думае на каня свайго: „родненькі, вынясі, не зачапіся нагою; скапыцішся — прапаў. Дабяруся да стрэльбы, а ім ня дамся.“

А Кастылін, замест таго, каб пачакаць, як толькі ўбачыў татараў, — дык і папёр, як мог, да крэпасьці. Бізуном ашпарвае каня то з таго, то з таго боку. Толькі ў пыле відаць, як конь хвастом круціць.

Жылін бачыць — справа благая. Стрэльба ўцякла, з аднэю шабляю нічога не парадзіш. Пусьціў ён каня назад да салдатаў, — думаў, уцячы. Бачыць, яму наперарэз ляцяць шасьцёх.

Пад ім конь добры, а пад тымі яшчэ лепшыя, дый наперарэз ляцяць. Пачаў ён скарочваць, хацеў назад павярнуць, але ўжо разьляцеўся конь — ня ўтрымаеш, проста на іх ляціць. Бачыць — блізіцца да яго з чырвонаю барадою татарын на шэрым кані. Пішчыць, зубы вышчарыў, стрэльба напагатове.

— Ну, — думае Жылін, — знаю вас, чарцей: „калі жывога вазьмуць, дык пасадзяць у яму, будуць бізуном сячы. Дык ня дамся-ж жывы...“

А Жылін, хоць невялікі ростам, але ўдалы быў. Выхапіў шашку, пусьціў каня проста на чырвонага татарына, думае: „або канём самну, або зрубаю шабляю.“

На каня месца не даехаў Жылін — выстралілі да яго ззаду з стрэльбаў і папалі ў каня. Стукнуўся конь аб землю з усяго размаху, наваліўся Жыліну на нагу.

Хацеў ён устаць, а ўжо на ім два татарыны ванючыя сядзяць, круцяць яму назад рукі.