Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/95

Гэта старонка не была вычытаная

Пачало зьмяркаць; пераехалі яшчэ рэчку, пачалі паднімацца па каменнай гары, запахла дымам, забрахалі сабакі. Прыехалі ў аул[1]. Пазлазілі з коняй татары, сабраліся дзеці татарскія, абкружылі Жыліна, пішчаць, цешацца, пачалі каменьнямі шпургаць у яго.

Татарын адагнаў дзяцей, зьняў Жыліна з каня і клікнуў работніка. Прыйшоў нагаец, пуцаты, у аднэй сарочцы. Сарочка абарваная, усе грудзі голыя. Прыказаў нешта яму татарын. Прынёс работнік калодку: два камлякі дубовыя на жалезныя кольцы насаджаны і ў адным кальцы прабойчык і замок.

Разьвязалі Жыліну рукі, налажылі калодку і павялі ў хлеў, піхнулі яго туды і замкнулі дзьверы, Жылін упаў на гной, паляжаў, абмацаў у цемнаце, дзе мягчэй, і лёг.

IІ.

Блізка што ўсю гэту ноч ня спаў Жылін. Ночы кароткія былі. Бачыць — у шчылінцы сьвіціцца пачало. Устаў Жылін, раскапаў шчыліну большую, пачаў глядзець.

Відаць яму з шчыліны дарогу — пад гару йдзе, направа сакля татарская, два дрэвы каля яе. Сабака чорны ляжыць на парозе, каза з казьлянятамі ходзіць, хвосьцікамі падрыпваюць. Бачыць — з-пад гары ідзе татарка маладзенькая, у сарочцы колернай, расьпярэзкай, у портках і ў ботах, галава каптаном пакрытая, а на галаве вялікі збанок бляшаны з вадою. Ідзе, у плечах падрыгвае, перагінаецца, а за

  1. Аул — татарская вёска.