Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

руку татарчука вядзе голенага ў аднэй сарочцы. Прайшла татарка ў саклю з вадою, выйшаў татарын учарашні з чырвонаю барадою ў бэшмэце шаўковым, на дзязе кінджал сярэбраны, у башмакох на босую нагу. На галаве шапка высокая, бараняя, чорная, назад заломана. Выйшаў пацягваецца, бараду чырвоную сам пагладжвае. Пастаяў, загадаў нешта работніку і пайшоў кудысьці.

Праехала пасьля на конях двое дзяцей да вадапою. У коняй храпы мокрыя. Выбяглі яшчэ хлапчаняты голеныя, у адных сарочках, без парток, сабраліся кучкаю, падыйшлі да хлява, узялі галіну і сунуць у шчыліну. Жылін як ухне на іх: запішчалі дзеці, закаціліся бегчы проч, толькі каленкі голыя блішчаць.

А Жыліну піць хочацца, у горле перасохла; думае: каб хоць прыйшлі адведаць. Чуе — адмыкаюць хлеў. Прыйшоў чырвоны татарын, а з ім другі, меншы ростам чарнаваценькі. Вочы чорныя, сьветлыя, румяны, бародка маленькая, падстрыжаная; твар вясёлы, усё сьмяецца. Апранены чарнаваты яшчэ ляпей: бэшмэт шаўковы, сіні, галунчыкам абшыты. Кінджал на поясе вялікі, сярэбраны, боцікі чырвоныя, таксама серабром абшытыя. А па тонкіх боціках другія, тоўстыя башмакі. Шапка высокая з белага барашку.

Чырвоны татарын увайшоу, сказаў нешта, быццам лаецца, і стаў; абапёрся на локці аб жэрдку, кінджалам варухае, як воўк спадлоббя паглядае на Жыліна. А чарнаваты — быстры, жывы, так увесь на пружынах і ходзіць — падыйшоў проста да Жыліна, сеў на карачкі, вышчараецца, папляскаў яго па плячы, штосьці пачаў густа-густа пасвойму лапацець, вачыма