Старонка:Леў Талстой. Для дзяцей (1928).pdf/97

Гэта старонка не была вычытаная

падміргвае, языком прыплясквае, ўсё прыгаварвае: „корошо урус, корошо урус!“

Нічога не зразумеў Жылін і кажа: „піць, вады піць дайце.“

Чорны сьмяецца: „карош урус,“ усё пасвойму лапаціць.

Жылін губамі і рукамі паказаў, каб піць яму далі.

Чорны зразумеў, засьмяяўся, выглянуў у дзьверы, клікнуў кагосьці: „Дзіна!“

Прыбегла дзяўчынка — тоненькая, худзенькая, гадоў трынаццацёх, і тварам да чорнага падобная. Відаць, што дачка. Таксама — вочы чорныя, сьветлыя і тварам харошая. Апранена ў сарочку доўгую, сінюю, з шырокімі рукавамі і бяз пояса. На полах, на грудзёх і на рукавох аблямована чырвоным. На нагах нагавіцы і башмачкі, а на башмачкох другія з высокімі абцасамі; на шыі моністо, усё з расейскіх паўрублёў. Галава непакрытая, каса чорная і ў касе стужка, а на стужцы прывешаны бляхі і рубель сярэбраны.

Загадаў ёй нешта бацька. Пабегла і ізноў прыйшла, прынясла збаночак бляшаны. Падала ваду, сама села на карачкі, уся сагнулася, так што плечы ніжэй за калены зыйшлі. Сядзіць, вочы вырачыла, глядзіць на Жыліна, як ён п‘е, як на зьвера якога.

Падаў ёй Жылін назад збанок. Як скокне яна проч, як каза дзікая. Нават бацька засьмяяўся. Паслаў яшчэ кудысьці. Яна ўзяла збанок, пабегла, прынясла хлеба прэснага на дошчачцы круглай ды ізноў сама сагнулася, вачэй ня спушчае — глядзіць.