Старонка:Лукішкі (1929).pdf/108

Гэта старонка не была вычытаная

ВОСЕНЬ У ВАСТРОЗЕ

Ня сьвіргочуць ластаўкі над вакном вастрожным,
Пошчак салаўіны змоўк, прыціх, замёр…
Толькі ліст пажоўклы зашуміць трывожна, —
Дроту тэлеграфнага чуцен перабор…
Лета адкацілася дзесь удаль упрочкі,
Да вясны замкнулася вузкае вакно.
Я адзін самотны буду цёмнай ночкай
Аб краіне роднай сьніць чароўны сон.
Не забыць мне волю, сенажаць, пакосы,
Каласоў нашэпты, песьні верацён…
Як забыць мне цяжка маці роднай сьлёзы,
Першае каханьне маладняцкіх дзён.
Ня сьвіргочуць ластаўкі над вакном вастрожным…
Лета ўлятнілася, адплыло ў нябыт.
Толькі сэрца б‘ецца радасьцю трывожнай.
Веру! Засьмяецца мне вясной блакіт.