Гэта старонка не была вычытаная
Хацеў-бы разьвеяць няволі імглу,
Хацеў-бы даць волю прасьвеце, дабру —
Бунтарскаму руху дарогу.
Хацеў-бы я зьнішчыць і краты зямлі,
Што сеткай густою над краям ляглі,
Як стогн хаўтуроў, пахаваньня.
Пабачыць хацеў-бы шчасьлівым народ,
Пабачыць хацеў-бы народны паход
Па волю і сьветлае раньне.
З народам хацеў-бы памерці ў баю,
За волю агульную, волю сваю.
За шчасьце сялян-пролетараў.
Быць сьведкай хацеў-бы вялікага дня —
І чуць, што удзел прыймаю і я.
У змаганьні, на хвалях пажараў.
Пабачыць хацеў-бы ўсясьветны віхор,
Што дыбам паставіць бязьмежны прастор
І кіне на панства грамады.
Пабачыць хацеў-бы вялікі расьсьвет,
Калі ўзварухнецца абуджаны сьвет
І стане на шлях барыкадаў.