Гэта старонка не была вычытаная
Вітаю вёсак гул народны,
Арліны ўзьлёт,
Які мацнее неўгамонна,
Што новы год.
Жаданьняў волі ня зломяць путы —
Замок, запор,
Здабудзе лёс народ закуты —
Жыцьцё, прастор.
Няспыннай працай убольшым сілы,
Змаганьня ход.
Напружым волю, мазгі і жылы
На новы год.
Ў змаганьні з цемрай, з капіталам
Ня знаем сьлёз.
Змаганьне нас загартавала
У сонцы кос.
Мы шаг за шагам ідзем да мэты
Усіх людзей.
Мы будаўнічыя, поэты —
Сыны надзей.
Ў змаганьні мы журбы ня знаем
На новы год.
Нам радасьць, радасьць, бо зьмяняем
Гісторый ход.