„Песьня мая ня ўзышла сярод кветак, Кветак цьвітучага вечна паўдня“.Я. Купала.
Мае вершы — то гімны надзеі,
Маладняцкага сэрца агонь,
Гэта — песьні віхур, шугавеі
Каля чорных вастрожных вакон.
У іх чуецца радасьць і бура,
У іх чуецца музыка, рытм,
Закаванага сэрца ў кануру,
Дзе нябачны ні сонца, блакіт.
Мае вершы — мае абаронцы,
Дактары ад сухотаў, журбы,
Ад бязьдзеяньня, суму бясконцага,
Ад мярцьвячыны, сьлёз і нуды.
Мае вершы — ня вершы палацаў,
Гэта вершы жаданьняў вясны,
Гэта вершы змаганьня і працы,
Мае лепшыя думкі і сны.
|