Старонка:Лукішкі (1929).pdf/58

Гэта старонка была вычытаная
*

Вочы сына з вачыма спаткаліся.
У іх крозы і думкі адны.
Палыхалі, то йзноў загараліся,
У іхных сэрцах каханьня агні.
Было столькі ў вочах надзеі
Ў перамогу каханьня—дабра.
А на шчоках ўсьмешка лілеяй
Між маршчынаў матулі лягла.
— Ну, бывай, даражэнькі сыночак.
Горка мне… Але што-ж… Ну, бывай!..
— Ты ня плач… Пашкадуй сваіх вочак…
— Яшчэ ўбачымся, мама, ня плач!..
Зазьвінелі ключы.
Гаманіў даглядчык:
„Выхадзіце, панове, хутчэй!“
І за сеткаю белая хустка
Мільганула і зьнікла з вачэй.

Лукішкі.
21-VI—27 г.

|}