Гэта старонка не была вычытаная
Адзін між сьцен…
Блукае вока.
Мне сьніцца волі далячынь.
Шумлівы гай вясеньнім сокам
Душу маю запаланіў.
Эх, думкі, думкі-лятуценьні,
Сябры самотнасьці маей.
Сярод магільных пліт-каменьняў
Я чую поступ новых дней.
Між кратаў чую песьні волі,
Зьвініць мэлёдыя жняі.
Касцова песьня аб раздольлі
Мне шэпча казкі, казкі-сны.
Бруіць ў грудзёх паток каханьня
І дзікай радасьці прыліў.
З краінай чую сэрца зьліў, —
У сэрцы — радасьць існаваньня.
Лаўлю разьмерны тон кляпаньня
Касы і працы творчай рытм.
О, вёска, вёска, з заміраньнем
Люблю цябе ў сьвятле зары.