Старонка:Лукішкі (1929).pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

О, вёска родная, ты люба
Вачам за ціш, за шыр палёў.
Але ў цішы — твая загуба, —
Сьмерць парываньняў, сьветлых сноў.

Твая пакора плодзіць мукі,
Твой плач адвечны, плач стары
Скаваў размах, працоўных рукі.
Я не злажу за сьлёзы гімн.

Люблю цябе, калі ты ў гневе
Замест сярпоў — мячы куеш.
Замест зразаць калосься нівы —
Начамі будзіш Белавеж.

Мне надакучыў стогн распачы,
Твая пакорлівасьць, спакой.
Мне што з таго, што горка плачаш?
Ці-ж мушу плакаць я з табой?

Тваёй крывёй прапахла глеба,
А ты ўпорыста маўчыш.
Пракляцьце шлю"спакою, небу,
Прад кім ты молішся, дрыжыш.