Старонка:Лучынка (1914). Кніжка 1.pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

гладка, але Максіму здавалося, што варта толькі зірнуць аб’ешчыку, каб адразу прыкмеціць, што не хватае аднаго дубу. А можэ аб’ешчык раней яго агледзіў гэты нядогляд, і ўжо вядома ў лясьніцтве аб гэтай пакражы.

— І выбярэ ж часіну, паганец! — зноў разважаў с сабой Максім.

— Ну, каб папаў! Гужы, лейцы — усё пасек бы.

Максім ніяк ня мог супакоіцца. Ен вышоў на дарогу, куды вёў сьлед ад калёс. Але далей трудна было разабраць, куды ён пашоў: ці мала едуць па дарозі ва ўсе канцы? Максім пастаяў, патупаў, як бы разьбіраючы важную справу. На душы ў яго было цэлае пекло. Злосьць на таго, хто сьсек дуб, хто як сумыслу, як на зьдзек яму зрабіў гэту кражу, ніколечкі не клапоцячыся схаваць канцы; далей страх перад лясьнічым, страх за страту куска хлеба: даўно ужо капаецца пад яго аб’ешчык, не раз дакляровываў яму лясьнічы прагнаць яго з мейсца. Усе гэтые думкі і пачуваньня і рабілі тое пекло, што было на душы Максіма.

— І хто ж бы мог зрабіць гэта? — Максім пералічыў колькі гаспадароў з вёскі, каторые былі ў яго ў вялікім падазрэньні. Але, не злавіўшы, не кажы, што злодзей.

Максім ешчэ раз прышоў на тое мейсца, дзе рос ешчэ ўчора прапаўшы дубок. Як дарагі нябошчык, стаяў ён у вачах беднаго лясьніка. Прыкрыўшы камель яловымі лапкамі, Максім памалу пасунуў лесам.

Увесь гэты дзень, цэлы вечар і ноч ня меў Максім супакою. Нават есьці не хацелося яму. Нейкі страх і трывога душылі яго. Кінуцца за весьніцы на дарогу сабакі, забрэшуць на каго, ці так што здаецца іх сабачаму розуму, Максім чуў, як у сярэдзіне ў яго нешта траслося, і яму здавалося, што гэта пэўна ідзе Марцін с каморы ад лясьнічаго з наказам зьявіцца у кватэру. Але сабакі, пабрэхаўшы, змаўкалі, і патрывожная ноч ешчэ цяжэй наседала на халодную сырую зямлю, і ешчэ маркотней шумеў над рэчкай аголены лес. Старая верба, стоячы над самай хатай, шумела і хвастала галінамі па стрэсі і як на зло Максіму гаманіла пра пакражу.

Стукне вецяр у ваканіцу, Максім увесь пацепаўся: яму думалося, што гэта лясьнік, ці аб’ешчык.

II.

Андрэй Плех даўно ўжо меў сабе на прымеці дубок у лесі. Ешчэ летам, соваючыся с каробкаю па грыбох, насунуўся ён на гэты дуб. Як чэлавек, каторага агарнулі грэшные жаданьні, Андрэй наўперад азірнуўся і пачаў агледаць важнецкае дрэво. Высокае, роўнае, выноснае, як точэнае, яно, здавалося, сумыслу тут вырасло на пакусу чэлавека. „А пся кроў яго“, цмакаў Андрэй: — „от былі-б восі! А якіе хвацкіе вышлі-б паліцы на сохі!“ (Андрэй быў майстар па часьці сох). Да не так-то лёгка ухваціш