Дзед моўчкі кратаўся, закідаў наперад доўгі кій, а за ім ледзь падцягваў цяжка абутую нагу правадыр, дробна ступаючы, квапна ўгледаўся на лес, быццам жадаў прабіць цемру, каб бардзей угледзець вёску. Ведаў добра, што ня сілы дзеда цягацца па хатах, але што зробіш — не лесьці ж жывым у яму.
Увайшлі у лес. Векавыя сосны ў белым убранні прыгледаліся з вышыні на гэтых мізэрных людзей. Вялікіе вываратні, як засланкі, распусціўшы на дарогу карэньні, чэпляліся за ногі.
— Мусіць то вялікі лес? спытаўся старэц.
— А не саўсім — вунь прагалінка відаць, адказаў хлопец.
— Ну дык пойдзем, дзіцятка, бо чую, што ногі надта прыстаюць.
Хлопчык заварушыўся. Ідучы між густога ельніку, ён лічыў дрэвы ў тэй думцы, што як налічэ капу, то зара будзе відаць вёска. Лес парадзеў. Дарога на крыж разыходзілася.
— Крыжовая дарога, адазваўся хлопец.
— А то добра, дзеткі: крыху спачнём ды памалюся, бо нейкі ціжар на сэрцы чую, сказаў дзед.
Хлопчык ведаў, як маліўся дзед: зараз дастаў кантычку с торбы і пачаў голасна вымаўляць слова за словам, пазіраючы то на крыж, то на дзеда; а дзед, апёршыся пасінеўшымі пальцамі на плячо правадыра, сьціха шаптаў усьледмалітву.
— Пойдзем ужо, дзеткі: здаецца, сьнег цярушыць, сказаў урэшце дзед.
За лесам у лагчыне, як плямінка — ледзь-ледзь адзначалася вёска. Сьнег сыпаў штораз гусьцей. Неба крыху засінелася сьперша, а пасля зразу зацягнула нібы цёмным туманам. Вецяр завыў, зашумеў бор, вёска і дарога раптам счэзлі. Снег, быццам вырваўшыся з няволі, гнаўся, як шалёны, па полі, зьбіваючы з ног і старца, і правадыра.
— Ой, дужа дрэннае надвор‘е, і сам не ведаю, куды кінуцца, адазваўся дрыжачым голасам хлопчык.
— Нічагуткі, прашамкаў дзед, атрасаючы з барады снег, зараз супакоіцца; вёска ж — сам казаў — нідалёчка. Шкада, што з лесу выйшлі, але што ж зробіш; тут пэўна і хвойкі нідзе не угледзіш.
— Нічога ня відаць — толькі пень перад намі, атказаў хлопец і заплакаў.
— Не плач, сынку, не плач, я сяду пры пні, супакоіваў дзед хлопца; і, нашчупаўшы кіям пень, прысеў.
— Дзядулёк, я чую, сабакі брэшуць — можэ скранёмся? просіў хлопчык.
— Не, родненькі, не — не змагу: ногі мае саўсім акасьцянелі — хіба крыху пачэкаўшы.