Старонка:Лучынка (1914). Кніжка 4.pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

Будучына дзержыцца на вас, моладзі, — будучых грамадзянах сваей старонкі. Дык пільнуйцеся, каб гразь і балота жыцьцёвые не затапілі у глыбіні сваей усе лепшые сьветлые думкі вашы, зводзючы з дарогі да цудоўнай кветкі Купальскай, што суліць шчасьце і долю і рабочаму-кітайцу, і пад’ярэмным волікам…

З вясной.

Як зышла сьвятая
Веселасьць вясны, —
Цэлы сьвет скідае
Зімавые сны.

Сэрца шчасьцем бьецца,
Кроў кіпіць агнём,
Песьня раздаецца:
Болей не засьнём!

Песьня ў высь імчыцца,
Як званоў біцьцё;
Кожны весяліцца,
Блаславіць жыцьцё.

Гаманяць народы,
Як тэй пушчы шум;
Колькі тэй свабоды!
Колькі сьветлых дум!

Згінуў сон нягодны,
Дзе не палядзіш…
Чаму ж ты, край родны,
Як забіты сьпіш?!…

Акопы 21 VI—13 г.

Янка Купала.