Пераселі у іншы цягнік. Едзем. Лес і лес: нідзе людзкіх сяліб ня відаць. Вучымся словы: хлеб — па фінску „лейпа“, масла — „войта“, малако — „майта“. Хоць каб крыху падвучыцца, а то чаго добрага не разгаворышся с фінчыкамі і прыдзецца хоць назад аглоблі павярнуць. Пры навуцэ час праляцеў хутка, і не агледзіліся, як прыехалі ўжо на сваю станцію.
На станціі Ганільля.
Цягнік затрымаўся; ледзь толькі мы выскачыць, ды чыноўнік почту аддаць — здолелі, як машына ўжо засьвістала і пашла. Станція малая; ніхто ня прыехаў акром нас. Вечар блізка, а да таго Лоттоло, куды нам трэба ехаць ешчэ верст двананцаць. Якую тут раду чыніць, каб каня дастаць? Шукаемо у кніжцы, як па фінску конь; нашлі: „хэвонен“. Хай сабе і хэвонен, але далей што? Ажно бачым паводаль нейкі чалавек на воз збаны ад малака пакуе. Мы да яго: і рукамі, і нагамі, і носам гаворымо, выкручываем, паказываем на мігі што нам патрэбна фурманка. Чалавек уважна паугледаўся на нашы гігі-мігі, нешта забарматаў па свойму і пашоў кудысь спакойна.
Думаем: справа дрэнная — яму не да нас — сваю работу пэўна мае. Вярнуліся на станцію; праз ваконца сівенькі чыноўнік у вакулярах выдае газэты; дзетак як жмыру набралася; кожнае падходзе ў чарод, пекна паклоніцца, возьме газэціну, зноў паклоніцца і выбегае са станціі. Куды-ж ізноў да так занятога чалавека падыходзіць і дурыць галаву, ды ешчэ ня умеючы гаварыць па фінску. Як тут даць рады? Ажно дзьверы скрып — той самы чалавечак, у каторага мы пыталі, ды ешчэ з некім высокім ні то чыноўнікам, ні то панам пекна убраным, ідзе — на нас, рукой паказывае. Пан падышоў да нас і, вельмі дрэнна па расейску гаворучы, стаў дапытываць, чаго нам патрэба. Значыцца, той чалавек, аб каторым мы думалі, што і ўвагі на нас не зьвярнуў, пабег па гэтага пана і прывёў, каб ён з намі разгаварыўся. Мы сказалі, што нам патрэбна фурманка; пан растлумачыў чалавеку па фінску, а той зараз зноў кудысь скрыўся. Праз мінут дзесяць пад‘ехаў малады хлопец. Пан нам сказаў заплаціць тры маркі — цэна сталая. А той чалавечак, што столькі фатыгаваўся для нас — і ў наш бок не глядзеў — зноў свае збаны пакаваў у воз, ня чэкаючы ніякога дзякуй. Усе фінчыкі такіе, як мы пасьля праканаліся. Кожны фінчык лічыць абавязкам сваім, а не ласкай — памагчы бліжняму ў патрэбе, ўсё роўна якой ён ні ёсьць веры, або націі.
Нам раней сказалі, што фінчыкі вельмі ня любюць рускіх, бо правіцельства страшэнна іх прыціскае, але яны, відаць, бачуць рожніцу паміж правіцельствам расейскім, а расейскім народам; а калі і маюць што ў сэрцы, то культурнасьць іх душы ім не паз-