чэна мукой. Ваду на саначках з недалёкай студні падвозюць: адна кабета саначкі цягне, другая — падпіхае.
Мы кабетам на падмогу падасьпелі — саначкі ажно забурчэлі. — „Харасо, харасо!“ пахвалівае нас Мары. Напаіўшы, пачалі кароў чэсаць згрэбламі. Каровы так прывыклі, што самі выцягіваюць шыі ешчэ здалёк.
Хлеў мае тры вокны ашклёны. Падсьцілаюць жывёлу насушаным ў летку торфам. Зімой толькі гэты торф рэжуць у сечкарні спэціальнай. Мы і торфу памаглі нарэзаць. Кабеты — як мага — разгаварыліся. І дачка Кюмеляйна Мары звецца і сынавая — Мары. А муж Мары — значыцца сын дзядуля Янкі — завецца Іван. Іван тут жэ каля коняў пахаджае. Пытаем, а ці б‘юць у вас мужчыны кабет? — „Эй-эй-не-не“, атказываюць з нейкім ніто дзівам, ні то страхам: як то мужчына асьмеліўся б на кабету руку падняць?
Пасьля, як мы ўбачылі, фіны таксама і дзяцей ніколі ня бьюць. Дзіця проста не разумее, што гэта значэ, калі на яго замахнуцца, або дзіцяці пагразіць. Толькі ж і дзеткі, праўду сказаць, іншые зусім там, як у нас: дзіцяці нават у галоўку ня прыходзіць, каб яно магло старшага не паслухаць, або са старшым дражніцца.
Пасьля абгледзілі мы ешчэ лазьню, па фінску „саўна“. Стаіць за горадам; нішто хатка — с комінам, з вокнамі; ў сярэдзіне палок зроблены. Печ каменная, яе нагрэваюць, пасьля мокрымі венікамі пырскаюць на распаленые каменьні, пара бухае і лазьня гатова. Фін вельмі любіць лазьню; парыцца ў ёй разоў тры на тыдзень; нават дзяцей малых — аднагодкаў с сабой забірае. Паручыся, фін не раз выскачэ на мароз, астыне, пасядзіць на сьнягу, ды зноў у лазьню і гэтак гартуюцца. Фін дроў не шкадуе, бо мае лесу даволі.
Саўна яго ўжо ад поўдня паліцца каб да вечара добра нагрэлася. — „Саўна! саўна!“ кожны раз дзядуль Янко нас заахвочываў у лазьню. Мы са сьмехам пыталі: што, дзядуль, ізноў лазьня?“ — „Ю-ю-ю!“ — так, так, атказываў, сьмяючыся. — „Хюве! Саўна!“
Будні дзень у фінау.
У Кюмеляйна акром дачкі Мары і сынавой Мары, ёсьць ешчэ сестра незамужня — Катры і старая 96 гадоў цётка, бабулька сухая —зморшчаная, скручаная, не мяркуючы, як лупіна с цыбулі. Глянеш, ды падумаеш: от чалавека і сьмерць забыла і жыцьцё ня хочэ.
Дзеці, унукі паміралі, асталася адна; прадала гаспадарку за 10,000 марак і у братняга сына свой доўгі век дажывае. Жыве ў пачоці; нічога ня робіць. Малая Галена штораз бярэ бабулю за спадніцу і вядзе да стала есьці. Абедзьве нічога