Праца дзеля куска хлеба адарвала яго ад роднай старонкі на змаганьне з жыцьцём сярод чужых, але нябошчык цэлае жыцьцё шчырай душой рваўся да працы для сваей роднай бацькаўшчыны і чым мог стараўся прылажыцца да будовы яе сьвятлейшай будучыны. Жыцьцё яго суцэльна вяжыцца з жыцьём пецярбурскай студэнцкай моладзі, намесь з яе працай на беларускай сцэне. Калі ў 1905 г. усё што жыло варам закіпела, пецярбурскіе студэнты пачалі гуртавацца і думаць аб працы для свайго гаротнага народу. Зразумеўшы добра, як вялікае маюць значэньне роднае слова і родная песьня, яны пачалі ладзіць вечарніцы — ігрышчы з беларускай сцэнай. Тут іх правадыром, загадчыкам і разам першым таварышам быў сьветлай памяці Владыслаў. Яго рупнасьць і маладая ахвота здзівіла куды ад яго маладзейшых. Заняты службай, сям‘ёй, ён умеў аднолькаж урваць крыху часу і для сцэны, дзе ён быў душой кожнага беларускага прэдстаўленьня. Вучыў другіх і сам іграў з вялікім зразуменьням беларускага жыцьця і таго, якое значэньня мае роднае слова. У працягу колькі год пры яго помачы былі пастаўляны на сцэне беларускіе тэатральные творы: „У зімовы вечар“, „Па рэвізіі“, „Пашыліся ў дурні“, „Міхалка“, „Паўлінка“, „Хам“ і др. У кожным творы ён умеў зрабіць жывы тып і сваёй чыстай і зычнай гутаркай цешыў сэрцы беларусаў спрагнёных роднага слова, дарагога зыку ў чужой, сумнай і пахмурнай старане.
Працаваў здаровы, працаваў і будучы ўжо хворы ў тэй надзеі, як ізноў зайграе на беларускай сцэне, калі Бог дась жыць. Сумна было слухаць гэтых праектаў, бо апрача хворага ўсе ведалі, што німа ратунку. І Владыслаў памер, асіраціўшы сямейку і пецярбурскую беларускую сцэну.
Усім сэрцэ надрывалася ад болю, калі спусьцілі ў дол дамавіну і чужая земля прыціснула грудзі заўсёды маладые і гарачые для беларускай справы. Вянкамі ад студэнтаў і таварышаў па службе пакрылі магілу яго. Усе неяк ад плачу прыціхлі перад вялікай загадкай жыцьця і сьмерці…
Пачаліся прамовы: прэдстаўніка ад студэнтаў—беларусаў, дэлегата з Вільні ад рожных беларускіх таварыств і інш… А я, стоючы над магілай, думаў, што нябошчык сваім жыцьцём збудаваў сабе сьветлы памятнік—успамін у душы ўсіх сваіх знаёмых… А — мы маладые які ж яму маім памятнік паставіць? Не — ня з жывых кветак — бо зьвянуць, не с каменя — бо ён нямы — не, найлепшым для яго памятнікам будзе жывы памятнік с кветак беларускага слова і звонкага зыку роднай песьні.
Дык шчыра возьмемся ж мы за беларускі тэатр, каторы для Владыслава Шыпіллы быў такім дарагім: сеймо са сцэны хараство роднай мовы і роднай песьні
Тарас Я.