чакаў ён вечара. Быў сам ня свой, выбягаў з хаты глядзець, ці ня меркне над лясамі дзень, колькі разоў падсыпаў каню перад дарогаю аўса…
— Я паеду да брата, — сказаў ён Галене.
— Чаго гэтак раптоўна?
— Зьеду на нейкі час.
— Чаго? — устрывожылася яна.
— Трэба мне зьехаць адсюль.
Яна застыла перад ім у маўклівым чаканьні.
— Я ці не забіў гэта адно Вінцэнтага.
— Калі?
— От цяпер.
— Дзе?!
— Ай!
Ён адмахнуўся ад яе рукою, як ад якой назолы, сярдзіта пранізаў яе зіркам.
— Ты заўсёды сам сабе бяды наробіш. Сам заўсёды няшчасьце на сваю галаву…
— Маўчы! — грукнуў ён страшным голасам. — Праз цябе гэта ўсё!
— Праз мяне?!
— А праз каго ж! Ты мне калі прызналася, што ён даходжваў сюды ці прысылаў свайго сына? Што тут насупроць мяне ўсё падстройвалася…
Галена стаяла белая як палатно.
— Калі ты мне прызналася, што ён цябе падгаворваў кінуць мяне! Адразу не сказала, як я толькі прыйшоў, а ў паўзімы прызналася!..
— Ня было ў чым мне прызнавацца.