Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/101

Гэта старонка была вычытаная

— Мусібыць-жа было, калі не прызнавалася, калі адразу не гаварыла!

— Як-жа я магла гаварыць тады пра такія рэчы, калі ты якім быў тады, у той першы вечар?

— Маўчы, у маёй галаве цяпер увесь сьвет пераварочваецца. Мяне за сэрца смокча. Маўчы, калі хочаш, бо зараз і цябе заб’ю!

— Мяне? Завошта?!

— За ўсё!

— Нашто ты кідаешся гэтакімі словамі?

— Ай!

Ён страсянуў рукамі і выбег з хаты. Пасьля вярнуўся яшчэ, падбег да калыскі, паглядзеў на сына. І адтуль ірвануўся зараз-жа, як-бы ён зрабіў які нядобры гэта ўчынак.

Сінеў вечар. Бушмар запрагаў каня. Галена на ганку плакала. Бушмар ня бачыў гэтага. Ён шпарка пагнаў каня ў дарогу. За лесам, дзе павінен быў ляжаць забіты Вінцэнты, Бушмар пусьціў каня паволі. Ён азірнуўся. Нікога нідзе ня было відаць. Змрок гусьціўся ў кустох і пад дрэвамі. Ён зьвярнуў пад тое месца і ўгледзіўся. Вінцэнтага ня было. Дзіўны сьлед, цэлая дарога, раўчуком цяглася напрамік цераз поле да сьцежкі ў вёску.

— Жывы, — мармынуў Бушмар, — папоўз дадому.

Яму ня стала ад гэтага ні цяжэй, ні лягчэй. Але ён пасьмялеў. Сьцёбнуў каня і памчаўся цераз вёску. У Вінцэнтавай хаце, як і ўва ўсіх, ня было ні вялікага сьвятла, ні руху.