фаятоне; ды яшчэ разам з ім». У хвіліны прасьвятленьня думкі ён шаптаў:
— Гэта ён, гэта ён.
— Хто і што? — пыталі ў яго.
— Ён, ён, — шаптаў ён і ня мог сказаць — «Бушмар».
Дома ён упаў у вялікую гарачку. І ўсё сухімі губамі шаптаў, крывячыся ад болю:
— Вяльможны пане, не турбуйцеся. Калі вяльможная ласка.
Аж сыну яго й нявестцы было прыкра.
Тады былі месячныя ночы. Суседзі выйшлі на тое месца — гаварылі, што навокал санных і пешых сьлядоў шмат. Убачылі, што праўда. І здагадвацца тады-ж пачалі — сьлед павёў якраз у Бушмараву дарогу. Але за якую крыўду Бушмар мог абязьвечыць гэтак старога Вінцэнтага? Прычына нікому нават і на думку не магла ўзбрысьці.
Ціхая была зіма. Сьляды там на сьнезе засталіся нядоўга.
Доўга Бушмараў сьлед чуў на сабе і Вінцэнты. Не спадзяваліся нават, што ён выжыве. Страшна стала хрыпець у яго ў грудзях. Але стары быў жывучы, як кот. Пад вясну сяк-так узвалакацца пачаў на ногі.
— Бушмар? — запытаў раз быў сын, калі бацька весялей глядзець пачаў на сьвет.
— Але.
— За тое?
— За тое самае.