Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/107

Гэта старонка была вычытаная

тага ўсё нараджалася, але засланяла сабою першапрычыну і само выростала ў ім і поўніла сабою ўсё. Гэта часта было, і заўсёды тады, калі Бушмар пакідаў за сабою ўсё і быў адзін. Апошні раз гэта было перад самым канцом зімы і той раз яно скончыла ўсё ранейшае.

Зіма тады канчалася рана. Яшчэ ў канцы лютага зьбіралася пад сьнегам вада і дарогі пачалі прападаць. Бушмар надвечар прыехаў ад брата. Страшна змарыў, аж да пены, свайго стаеньніка. Сам прамок на імгле і быў злосны. Гнаў каня па прабоінах і замакрэлых ухабах і нікому не зьяжджаў з дарогі (гэта й заўсёды меў ён сабе прывычку гэтую). Дома якраз іскра папала ў порах:

— Нашто ты гэтак каня морыш, улегцы едучы? — сказала Галена.

— Што табе да каня. Маўчала-б!

— Чаму маўчала-б?

— Таму што… К д’яблу!

Увайшоўшы ў хату, ён заўважыў, што Галена кудысьці зьбіраецца. Ён моўчкі глядзеў, што з гэтага будзе. Яна раптам пакінула свае зборы і лягла спаць.

— Ага, — загаманіў ён, дзіка і ўрачыста сьмяючыся, — пастрашыла. Ну што, пастрашыла?

— Слухай, — абазвалася яна, — я цябе ня страшыла і страшыць ня думаю. Дый не такі ты чалавек, каб цябе можна было чым устрашыць. Да цябе ніякі страх не прыстане… Ты сам бачыш, што — якая гэта наша жытка! Гэта каб увесь век у гэтакім пекле