Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/108

Гэта старонка была вычытаная

жыць? Лепш мне пайсьці адсюль. Я даўно гаварыла пра гэта з людзьмі. І з Аміляю гаварыла, і шмат з кім там гаварыла. Туды я пайду.

— Дык ты ўжо гаварыла?! Даўно ўжо думала пра гэта?! У маёй хаце ўсё гэта робіцца, а я нічога ня ведаю!..

Ён крычаў і тупаў нагамі.

Ён пераспаў тую ноч у кухні на лаве, а раніцою зьнік з хаты, каб ня бачыць, нічога ня чуць. Ён стаяў на ўзьлеску, адзін, пануры постацьцю, але не пануры тварам цяпер. Як зьвер, якому дзесьці здалёк запахла воля. Ноздры яго раздзьмуліся, бровы ссунуліся, і з-пад іх вочы сьвідравалі ветравую далячынь. Высокая, чуць сутулая постаць яго доўга ўзвышалася на ўзьлеску.

Там, на сонцы, сьнег пасыходзіў, і леташняя трава зеляніла свае вяршкі. Адзін кусьцік яе, малады, веснавы, бялявы, папаў пад Бушмараў бот. Падкаваная набойка глыбока ўвагнала яго ў зямлю.

Пакуль не вярнуўся, Бушмар ня думаў, зусім забыўся на сваю хату і Галену з сынам.

У тую-ж ноч Вінцэнты, адхаяны сынавым доглядам, падпаліў Бушмарава гумно. Ноч была бяз ветру, і гумно згарэла ціха, як сьвечка. У ім згарэла шмат Бушмаравага набытку.

Тым часам Вінцэнтаму падпаліць гумно ня было лёгка. Ён колькі разоў варочаўся з паўдарогі, ад страху, пасьля зноў ішоў. Ён цягаўся ўночы доўга, плюхаўся па мокрым сьнезе, правальваўся па калені ў ваду, падыходзячы да гумна паплавамі. Нарэшце,