Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/113

Гэта старонка была вычытаная

Андрэй глянуў на босыя Ўладзявы ногі. Праўда, што яны аж пасінелі з холаду.

— У мяне была адна запалка, але патухла, як я хацеў раскласьці агонь.

Андрэй неўзабаве прыслаў яму з дому свае лапці, а праз колькі дзён падгаварыў кінуць Бушмара і перайсьці ў вёску. З таго часу Ўладзя пачаў мець Андрэя, як за бацьку.

У тэй меры, як Ўладзя рос на людзях, ён сам заўважаць стаў, што дачыненьні яго з Андрэем неяк зьменьваюцца. Калі дзялілі панскую зямлю і калі Андрэй на гэтую зямлю першы павёў вяскоўцаў, Ўладзя тады ўжо быў як-бы нават дапаможнікам Андрэевым. Ён ні то што дзейна дапамагаў яму, а чуў сябе, што як-бы гэта ён сам усё гэта робіць. Ён тады ўжо быў сказаў Андрэю:

— А Бушмару нашто гэтулькі лесу?

Ён чуў, як расьце усё больш і больш у ім страшэнная нянавісьць і да Бушмара, і да ўсіх тых гаспадароў, што трымалі яго тут за пастуха. Нават адзін з іх, калі дзялілі вяскоўцы панскую зямлю, выткнуўся быў на сваю мяжу і з хітраю ўсьмешкаю сказаў:

— Што-ж, зямлю вы бераце, балазе пан уцёк. І лес панскі папрабавалі зачапіць. Але маладцы, што лазу пакінулі, ня выцерабілі.

— Чаму? — гукнуў Ўладзя, чуючы ў гэтым паўпанкавым слове нейкую, няясную яшчэ, страшную крыўду.

— А таму, што калі вернецца пан, дык будзе чым вас сьцёбаць.