Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/114

Гэта старонка была вычытаная

Ўладзя сьціснуў кулакі і падаўся бліжэй:

— Маўчы, гадзіна!

Дык той злосна заенчыў:

— А-а-а, глядзі ты! Гэта ты гэтак дзякуеш, што цябе выгадавалі чужыя людзі, што ня даў і я табе прапасьці на чужой старане!..

— Мая старана ўсюды, дзе я стаю на зямлі.

— Усюды? А от цяпер стаіш на маёй мяжы. Вон!

Ўладзя быў тады яшчэ недарослы дзяцюк. І повен ён быў хлапечага задору. Ён тады наўмысьля пайшоў упоперак цераз забаранаваную хутаранскую ярыну, а хутаранец, скамячыўшы губы, схапіў яго за плечы. Андрэй рагатаў, стоячы ў мужчынах. Уладзя вылузаўся з хутаранцавых рук і пайшоў назад, сьмяючыся.

Другі раз была ў яго сутычка з Бушмарам. Тут было менш гаворкі, але больш яшчэ выразнасьці. Гэта ўжо тады, калі надышла пара зачапіць хутаранцаў. Уладзя сказаў быў пра Бушмараў хутар:

— Вяльможныя паны ўжо ўпарадкаваны, цяпер пара зачапіць зьвяроў.

Бушмару хтосьці сказаў пра гэта, і пры спатканьні з Ўладзем ён, зьвер, пранізаў зіркам яго. Уладзя прыпыніўся і таксама ня спускаў вачэй з Бушмара. Так прастоялі яны колькі момантаў. Хто каго пераможа? Але ўсё-ж Бушмар заўсёды абмінаў думкамі Ўладзю, можа таму, што прывык ён дагэтуль бачыць яго хлапчуком? А мо’ таму, што яму проста страшна было чуць у гэтым хлапчуку варожую сілу, што раптам вырасла. Вобразам гэтай сілы паўставаў перад ім Андрэй.