Дык вось гэты Ўладзя сказаў цяпер быў раз пра Бушмара. Ён гэтае разуменьне сваё вынес яшчэ з суду, у якім быў тады, калі судзілі Бушмара і за збойства райвыканкомаўца, і за буйную высечку лесу, і за ўсё іншае. Пра Бушмара тады абвінаваўца гаварыў доўга:
«Бушмар — вынік, аканчальны лёгічны вынік ляснога спрадвечнага хутара. Гэта зьвер, навокал якога павінны быць пакрыўджаныя. Іначай нельга, пакуль жыве на сьвеце Бушмар. Навакольны лес і дзікі хмызьняк валодае Бушмарам, а праз яго адвечная прыродная дзіч спробуе авалодаць усімі тут людзьмі. Бушмар, каб і хацеў, ня можа даць рады ні лесу, ні хмызьняку — засталася-ж навек ня скончанаю дзеля яго раскарчоўка прылеску! Бушмараў лад — гэта пастка і вечная вайна — бо-ж нават, з сваім, можна сказаць, жыцьцёвым братам — Вінцэнтым, была ў яго сьмяртэльная спрэчка. У зьвяроў заўсёды ў адным нават логаве — вайна… Вось ён жыве на сьвеце, жыве спрадвеку, робіць нават гісторыю свайго часу, гісторыю крыўдаў слабейшых, ад якіх маюць крыўду яшчэ слабейшыя… Чалавечая гісторыя нялюдзкасьці! Дзе расплоджваюцца зьвяры і каля іх чэрві!»
II
Андрэй за гэтыя гады пастарэў крыху, але не зьмяніўся. Засталася ў ім і яшчэ больш асталявалася мяккая жартаўлівасьць і, дзе трэба, ясная цьвёрдасьць. Ён крыху меў натуру іншую, як Аміля, а